УСХО́ДНІ ТЫМО́Р (тэтум Timor Lorosa’e, партуг. Timor-Leste),

Дэмакратычная Рэспубліка Усходні Тымор (тэтум Republika Demokratika Timor Lorosa’e, партуг. Republica Democratica de Timor-Leste), дзяржава на ПнУ в-ва Тымор, у паўд. ч. Малых Зондскіх а-воў Малайскага архіпелага. У складзе У.Т. а-вы Атаура (Камбінг) і Жаку і анклаў Акусі (Пантэ-Макасар) на паўн.-зах. беразе вострава. Мяжуе на ПдЗ з Інданезіяй; абмываецца Тыморскім, Саву і Банда морамі. Пл. 15 тыс. км². Нас. 952,6 тыс. чал. (2002). Афіц. мовы — тэтум і партугальская. Сталіца — г. Дылі. Падзяляецца на 13 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліст.).

Прырода. Рэльеф гарысты. На З горы выш. да 2963 м (г. Фоха-Татамайлаў), на У камяністае плато, на паўд. узбярэжжы вузкая раўніна. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, гаручыя сланцы, золата, марганцавыя руды, мармур. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя гадавая т-ра на ўзбярэжжы 25—27 °C, у гарах 21 °C. Ападкаў каля 1500 мм за год, частыя паводкі, апоўзні. Рэкі ў сухі сезон перасыхаюць. Пашыраны высакатраўныя саванны з рэдкімі акацыямі і эўкаліптамі. Вільготныя трапічныя лясы трапляюцца на паўд. узбярэжнай раўніне. Жывёльны свет бедны — алень, горны казёл, дзік, кускус. Шмат птушак.

Насельніцтва. Народы У.Т. належаць да ўсходнеінданезійскага антрапалагічнага тыпу (тэтумы, мамбаі, такодэ, бунакі, макасаі і інш.). Жывуць таксама метысы (нашчадкі ад шлюбаў еўрапейцаў з мясц. жанчынамі), кітайцы і інш. Вернікі пераважна католікі (90%), ёсць мусульмане (4%), пратэстанты (3%), анімісты. Сярэдняя шчыльн. каля 63 чал. на 1 км². Найб. горад — Дылі (каля 30 тыс. ж.).

Гісторыя Стараж. насельніцтва в-ва Тымор — плямёны, блізкія да папуасаў. Бліжэй да н.э. тут з’явіліся плямёны мангалоіднай расы, якія размаўлялі на аўстранезійскіх мовах. У 16 ст. на Тыморы пасяліліся тэтумы — найб. народнасць сучаснага У.Т. У 16 ст. тут з’явіліся партугальцы, у 17 ст. — галандцы. У канцы 18 ст. ўсх. ч. Тымора замацавана за Партугаліяй, зах. — за Нідэрландамі. У 1942—45 востраў акупіраваны яп. войскамі. З 1973 У.Т. — аўт. правінцыя Партугаліі. Пасля звяржэння ў Партугаліі фаш. рэжыму (1974) створаны паліт. арг-цыі У.Т.: Рэв. фронт за незалежны У.Т. (ФРЭТЫЛІН; адстойваў поўную незалежнасць У.Т.), Тыморскі дэмакр. саюз (УДТ; стаяў за захаванне цесных сувязей з Партугаліяй) і Тыморскі нар.-дэмакр. саюз (АПОДЭТЫ; стаяў за далучэнне У.Т. да Інданезіі). У жн. 1975 УДТ здзейсніў спробу дзярж. перавароту, што прывяло да грамадз. вайны, у якой перамог ФРЭТЫЛІН. 28.1 1.1975 ФРЭТЫЛІН абвясціў Нар.-Дэмакр. Рэспубліку У.Т. У адказ АПОДЭТЫ і УДТ звярнуліся за дапамогай да Інданезіі, якая 7.12.1975 увяла свае войскі ва У.Т. У ліп. 1976 Інданезія абвясціла У.Т. сваёй 27-й правінцыяй, што не прызнала ААН. ФРЭТЫЛІН працягваў партыз. вайну супраць інданез. акупацыі (з 1986 сумесна з УДТ). Інданез. войскі ажыццяўлялі масавыя рэпрэсіі. якія забралі больш за 100 тыс. жыццяў.

Пасля падзення ў Інданезіі дыктатуры (1998) новы інданез. ўрад правёў 30.8.1999 плебісцыт, на якім каля 80% жыхароў У.Т. выказаліся за незалежнасць. Узбр. выступленні праінданез. сіл прывялі да ўводу на тэр. У.Т. ў вер. 1999 войск ААН і стварэння Часовай адміністрацыі. У жн. 2001 адбыліся выбары ў Канстытуцыйную асамблею, якая ў кастр. 2001 прыняла канстытуцыю У.Т. У крас. 2002 прэзідэнтам У.Т. выбраны кіраўнік узбр. барацьбы за незалежнасць, лідэр ФРЭТЫЛІН Ш.​Гужмаў. 20.5.2002 абвешчана незалежнасць У.Т. Ва У.Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Рэв. фронт за незалежны У.Т., Дэмакр. партыя, С.-д. партыя. У.Т. — чл. ААН (з 2002).

Гаспадарка. У.Т. — слабаразвітая аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. складае каля 500 дол. (2001). 25,4% ВУП ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 17,2% — у прам-сці, 57,4% — у абслуговых галінах. Аснова эканомікі — плантацыйная гаспадарка, якая спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур: кавы, какосавай пальмы. Гал. харч. культуры — рыс, кукуруза, касава, сорга, батат. бабовыя, цукр. трыснёг, манга, бананы, ваніль. Гадуюць буйвалаў, коз, коней (мясц. нізкарослая парода). Рыбалоўства, паляванне, лесанарыхтоўкі (сандалавае дрэва). Прам-сць развіта слаба. Дробныя кава- і рысаачышчальныя прадпрыемствы, мылаварныя з-ды. Здабыча мармуру. Рамёствы (кавальскае, ткацкае, пляценне, вытв-сць керамікі). Транспарт аўтамаб. і марскі. Даўж. аўтадарог 3,8 тыс. км. Гал. порт — Дылі. Экспарт (8 млн. дол., 2001) кавы, копры, сандалавага дрэва; імпарт (237 млн. дол., 2001) машын і абсталявання і інш. Гал. гандл. партнёры: Аўстралія, ЗША, Партугалія, Сінгапур, Японія. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арганізацый (2,2 млрд. дол. у 1999—2001). Грашовая адзінка — долар ЗША.

Літ.:

Заказникова Е. Восточный Тимор: В ожидании независимости // Азия и Африка сегодня. 2002. №2.

т. 16, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)